Какафонія Данбаса

Рэжысёр: Ігар Мінаеў
Украіна, 2018, 61 хв.
Мова: украінская, руская (субтытры: англійская, французская).

Што звязвае Дзыгу Вертава, гурт «Паюшчыя трусы» і расійскую вайсковую агрэсію на ўсходзе Украіны? Рэжысёр Ігар Мінаеў сабраў унікальныя архіўныя матэрыялы, узоры народнай культуры і інтэрв’ю з відавочцамі гістарычных падзей, каб паказаць моц савецкага міфа пра Данбас.
Гэта фільм пра эліту рабочага класа СССР – шахцёраў Данбаса. Савецкая прапаганда стварыла настолькі ілжывую паралельную рэальнасць, што аднойчы сітуацыя выбухнула і пачалася вайна. Жыццё абяцала стаць сімфоніяй працы, радасці і дабрабыту, але аказалася падманам і маніпуляцыяй. Больш ніякіх ілюзій не засталося. Сімфонія Данбаса ператварылася ў какафонію Данбаса.
«Працуючы над «Какафоніяй Данбаса», мы вельмі хацелі данесці да сусветнай супольнасці думку, што савецкая, сённяшняя расійская прапаганда і фальшывыя навіны — рэчы аднаго парадку. Іх мэта – скажаць рэчаіснасць і мадэляваць свет, што вельмі небяспечна. Таму тое, што сёння адбываецца ва Украіне, тычыцца ўсяго свету», — лічаць аўтары стужкі.