Зямля блакітная, як апельсін

Фільм распавядае пра сям’ю, якая жыве ў «чырвонай зоне» Данбаса, дзе ўжо шосты год ідуць баявыя дзеянні. Карэнным чынам змянілася жыццё многіх мірных жыхароў прыфрантавой зоны. 36-гадовая Ганна адна выхоўвае чацвярых дзяцей. У Краснагораўцы, дзе жывуць нашы героі, не спыняюцца абстрэлы. Але, не зважаючы на ўсе цяжкасці, гэта вельмі дружная і вясёлая сям’я.

Розділові Наживо

«РоздІловІ» («Раздзяляльныя») – гэта мастацкі праект, які спалучае ў сабе паэзію, музыку і візуальныя эфекты. Яго стваральнікі, закранаючы агульначалавечыя тэмы, выбудоўваюць комплексную метафару сучаснай Украіны. Гэта прасякнуты пачуццямі твор пра каханне, пяшчоту, смерць, цярпенне да тых, хто побач, пра цішыню.

Чарнобыльскія бабулі

Аўтары фільма, Морыс і Богарт прасочваюць будні трох бабуль, якія без дазволу пасяліліся ў зоне адчужэння: Ганны Заваротнай, Марыі Шаўкуты і Валянціны Сачанок. Гэта непарушнае трыадзінства з’яўляецца часткай больш шырокай з’явы: амаль 100 жанчын адмаўляюцца пакінуць свае дамы ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Іхнія суседзі даўно раз’ехаліся, мужы памерлі, але жанчыны не падаюць духам.

Жанчыны, якія гуляюць у гульні

«Жанчыны, якія гуляюць у гульні» – гэта фільм-гульня, які вяртае нас у дзяцінства і дапамагае прыгадаць, як усё пачыналася. Яго гераіні – дзяўчаты, якія выраслі і «далі жару». Яны не распавядуць вам пра рэцэпты поспеху, але лепш за ўсіх ведаюць правілы гульні – і як іх правільна парушаць.

Уваход праз балкон

«Уваход праз балкон» – гэта падарожжа праз дзесяцігоддзі і погляд на балконы і іх гаспадароў у розных гарадах Украіны. Гэты дакументальны фільм даследуе дзіўны архітэктурны феномен самаробных украінскіх балконаў. Адсутнасць дзяржаўнага рэгулявання дазваляе ўкраінцам будаваць любыя балконы, незалежна ад стылю будынка. Часам у выніку імправізаванага рамонту балконы становяцца больш, чым сама кватэра.

Какафонія Данбаса

Што звязвае Дзыгу Вертава, гурт «Паюшчыя трусы» і расійскую вайсковую агрэсію на ўсходзе Украіны? Рэжысёр Ігар Мінаеў сабраў унікальныя архіўныя матэрыялы, узоры народнай культуры і інтэрв’ю з відавочцамі гістарычных падзей, каб паказаць моц савецкага міфа пра Данбас.

Ваенны сшытак

Гэты фільм створаны на аснове асабістых відэазапісаў з тэлефонаў і камер украінскіх вайскоўцаў і валанцёраў. Стужка запрашае гледача ў сюррэалістычнае падарожжа на фронт вайны з расіяй – у мудрагелісты замагільны свет, дзе пануюць іншыя законы, якія адрозніваюцца ад мірнага жыцця. Іншыя паводзіны, іншыя адносіны, іншы гумар. Героі прачынаюцца і засынаюць, радуюцца і плачуць, здымаюць відэа і заўсёды адчуваюць, што запіс можа скончыцца ў любы момант.

Цягнік: Кіеў – Вайна

Фільм здымаўся ў цягніку №126 паміж Кіевам і Канстанцінаўкай, а таксама на вакзалах Кіева, Канстанцінаўкі і Краматорска са жніўня па снежань 2019 года.
Усяго 12 з паловай гадзін падзяляюць мірны Кіеў і Канстанцінаўку, невялікі прамысловы горад на ўсходзе краіны, за якім пачынаецца лінія фронту. Гэты час у цягніку праводзяць побач людзі з рознымі характарамі, сацыяльным статусам, палітычнымі поглядамі і перакананнямі. Яны маюць зносіны, спрачаюцца, нават б’юцца, але размаўляюць і ідуць у адным кірунку. І ўсе яны імкнуцца да міру.

Аліса ў краіне вайны

Калі на Майдане пачалася рэвалюцыя, Алісе было 26 гадоў. Як і многія іншыя рэжысёры, яна пачала здымаць важныя падзеі, якія адбываліся ў яе краіне. Але вельмі хутка дыстанцыя паміж камерай і рэальнасцю пачынае скарачацца, жыццё і смерць становяцца найважнейшымі, чым проста здымкі фільма. На працягу наступных двух гадоў Аліса апынаецца ў месцах самых жорсткіх сутыкненняў: ад Майдану Незалежнасці ў Кіеве праз блокпасты Славянска – да руін Данецкага аэрапорта.

Вырасла, пакуль ты спала

Кранальная стужка распавядае пра беларуску Караліну Орсік, якая грае на альце, прымаючы ўдзел у канцэртах па ўсяму свету. Калісьці ў звычайнай музычнай школе ў невялічкім мястэчку Дзятлава яе заўважылі выкладчыкі з Беларускай музычнай акадэміі. Яе запрасілі на вучобу ў Польшчу. У Караліны было шмат канцэртаў у розных краінах, шмат падарожжаў, але яна заўсёды прыязджае ў родную вёску Аханяны на Гродзеншчыне да сваёй бабулі, якая яе выхавала. Гэта сапраўднае падарожжа ў часе: з Еўропы на Усход. З вялікага горада ў маленькую вёску на ўскрайку леса, дзе жыве ўсяго 12 чалавек. Гэта падарожжа са свету музыкі Караліны у свет яе дзіцячых мар.

Тата

Фільм «Тата» – гэта кранальная гісторыя пра тое, як маладая дзяўчына Вольга Самаленка два гады шукала і апазнавала цела свайго бацькі, байца батальёна «Данбас» Уладзіміра Самаленкі, які стаў адным з першых добраахвотнікаў вясной 2014 года. У пачатку пошукаў ёй было ўсяго васемнаццаць гадоў. А ў дзень свайго 20-годдзя дзяўчына вывезла цела бацькі на перапахаванне з Краснаполля, дзе ён ляжаў у магіле безыменнага воіна. Вольга спрабуе зразумець, чаму яе бацька пайшоў на вайну, калі ён так яе кахаў.

Дабравольцы боскага ўзвода

Прэзідэнт Украіны падпісвае пагадненне аб перамір’і і лініі размежавання бакоў. Згодна з гэтым пагадненнем, міжнародны аэрапорт Данецк знаходзіўся за гэтай лініяй. Але патрыёты-добраахвотнікі не згодныя аддаць яго ворагу. Гераічная абарона працягвалася 242 дні, пакуль пад прыцэльным агнём танкаў будынак аэрапорта не быў разбураны.

Яўных прыкмет не назіраецца

«Яўных прыкмет не назіраецца» – такія​ словы часта чуюць ваеннаслужачыя ў раённых і абласных бальніцах, куды трапляюць з псіхалагічнымі траўмамі і патрабуюць дапамогі. Але пакуль на целе няма фізічных пашкоджанняў, іх праблем не заўважаюць не толькі лекары, але і грамадства ў цэлым. Гэта гісторыя жанчыны, якая вярнулася з вайны. Размаўляючы з псіхолагамі, змагаючыся з посттраўматычным стрэсавым расстройствам і панічнымі атакамі, яна спрабуе вярнуцца да нармальнага жыцця.

Жывы агонь

Чатырохгадовае кінаназіранне за жыццём трох мужчын розных пакаленняў, якія жывуць ва Украінскіх Карпатах на фоне сучасных змен. Штогод, калі прыходзіць вясна, пастухоўскае прызванне кліча ўсіх траіх у горы, нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце ісці на гэты кліч усё цяжэй.

Хатнія гульні

Гісторыя Аліны, 20-гадовай дзяўчыны з беднай кіеўскай сям’і, якая мае шанец вырвацца з нетраў жыцця дзякуючы футболу. Маладая спартсменка знаходзіцца на піку кар’еры і чакае запрашэння ў зборную Украіны. Але жыццё падрыхтавала ёй выпрабаванне: маці дзяўчыны памірае, пакідаючы на яе плечы малодшых брата і сястру. Аліна павінна зрабіць выбар: футбол або сям’я.

Перамагаючы цемру

Калейдаскоп гісторый, якія паказваюць, як украінцы мужна абараняюць сваю зямлю ад расійскага ўварвання, як мільёны людзей змагаюцца за сваё права на існаванне.
Фільм распавядае пра трагедыю расійскага ўварвання ў жыцці ўкраінцаў і ўкраінскіх супольнасцяў, дакументуючы рэальнасць гэтай вайны.

Дзень украінскага добраахвотніка

«Дзень украінскага добраахвотніка» — поўнаметражны дакументальны фільм, зняты пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіі. Карціна паказвае адзін дзень з жыцця эстраднага спевака, відэаінжынера, гісторыка, рэстаўратаркі, навукоўцы-палярніка і пенсіянеркі. Ім усім прыйшлося кардынальна змяніць сваё жыццё.

Украінскія шэрыфы

Дакументальны фільм, зняты Раманам Бандарчуком, і з’яўляецца вынікам супольнай працы Украіны, Латвіі і Германіі. Сусветная прэм’ера фільма адбылася 20 лістапада 2015 года на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, дзе ён атрымаў спецыяльны прыз журы, а ва Украіне — 26 сакавіка 2016 года на кінафестывалі Docudays UA. Фільм распавядае пра жыхароў вёскі Старая Збураўка Херсонскай вобласці, у прыватнасці пра двух мужчын, якія ўсклалі на сябе адказнасць за ахову грамадскага парадку.

Запаведнік Асканія

Фільм выйшаў у пракат роўна праз стагоддзе пасля заснавання найбуйнейшага ў Еўропе стэпавага запаведніка Асканія-Нова, які знаходзіцца ў Херсонскай вобласці. Вучоны, рэжысёр, былы хіпі, маладыя рэперы, а таксама буйвалы, зебры і пеліканы. Цэлае стагоддзе Асканія ахоўвае прыроду ад змен пад уплывам чалавека. Але ці прыме яна змены, неабходныя для яе ўласнага выжывання?

Марыупаліс

Рэжысёр Мантас Кведаравічус шмат год здымаў Марыупаль і вярнуўся ў горад пасля поўнамаштабнага ўварвання, пачаў дакументаваць расійскія ваенныя злачынствы. Ён здымаў аблогу гэтага горада. 2 красавіка ў яго аўтамабіль трапіла расійская ракета. Мантас загінуў.

Першая лінія фронту: эвакуацыя з Ірпеня і абаронцы Харкава

Рэжысёр: Міхал Пшедляцкі Польшча, 2022, 57 хв Мова: польская, украінская, расейская (субтытры: беларуская) Міхал Пшедляцкі – вайсковы карэспандэнт і рэжысёр, здымаў руйнаванне Алепа, вайсковае супрацьстаянне ісламістам у Афганістане. З першых дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну працаваў на першай лініі фронту, часам ратуючы параненых. Прапанаваная стужка мае дзве часткі. Першая — адлюстроўвае трагічную эвакуацыю жыхароў Ірпеня… Continue reading Першая лінія фронту: эвакуацыя з Ірпеня і абаронцы Харкава