У чарговае свята Вадохрышча ў спальным раёне Кіева на возеры зрабілі палонку. На беразе чутныя царкоўныя званы, людзі распранаюцца, становяцца ў чаргу. Да ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну застаецца 36 дзён. Кароткі фільм-назіранне праз буйныя планы людзей рознага веку, чараду голых целаў і кароткія размовы расказвае нам пра хісткасць жыцця, супярэчлівасць чалавечай веры і радасць існавання.
Новае неба над новай краінай: прагулкі з Пушкіным
1 красавіка 2019 года Алесь Пушкін ладзіць шпацыр па Віцебску, дзе меў калісьці ў добрыя часы прыватную галерэю і шмат мастацкіх успамінаў. Ён гуляе з вялікай “жывой” мапай за плячыма, на якую па сцэнары шпацыра ён дадае адметныя для сваёй творчай біяграфіі мясціны горада і распавядае пра апошнія гады, калі культурнае жыццё Беларусі было буйным і вольным. З нагоды 1 красавіка мастак адважна, пад носам у міліцыянтаў і “ціхароў” нясе па горадзе маленькі бел-чырвона-белы сцяг, каб гэтым самым праверыць — ці магчыма “надурыць” дурняў і ці ёсць яшчэ надзея ўбачыць “новае неба над новай краінай”.
Беларускі вальс
Фільм 2007 года пры дапамозе мовы перформансаў паказвае змаганне мастака з таталітарызмам. У гэтай мове шмат гумару і іроніі. Самым вядомым перформансам артыста стала тачка з навозам, якую Пушкін прывёз да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У фільме паказаны блізкія мастака, а таксама сучасная Беларусь, якая шукае сваё месца паміж Усходам і Захадам.
Motherland/Радзіма
Галоўная гераіня фільма — Святлана. Яе сына знайшлі мёртвым падчас службы ў войску, і цяпер жанчына спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускім войску. Паралельна разгортваецца гісторыя групы сяброў з тэхна-андэграўнду прызыўнога ўзросту. Рэжысёры стварылі маштабны фільм, які выходзіць далёка за межы Беларусі і аналізуе постсавецкае грамадства з непапулярнай кропкі гледжання — моладзевай.
Кураж
Прэм’ера дакумэнтальнага фільма Courage адбылася 5 сакавіка 2021 года на міжнародным кінафэстывалі «Бэрлінале».
Кінакарціна дэманструе кадры, зробленыя на рэпетыцыях і выступах акцёраў Belarus Free Theatre, на масавых пратэстах у канцы лета і пачатку восені 2020 года ў Мінску, на акцыі ў памяць забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага, каля ізалятара на Акрэсціна. У працы ёсць таксама архіўныя кадры з 1990-х гадоў — дэманстрацый пратэсту і акцый у памяць пра зніклых апазіцыянераў.