1084 кіламетры — працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны. 1084 кіламетры — гэта і лінія, і шво на глыбокай ране двух народаў, якія нанеслі 24 лютага. Арганізатары фестывалю спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў і бесстаронна абмеркаваць сучаснасць, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народу ў барацьбе з акупантамі, а ўкраінцамі — беларусаў у барацьбе з дыктатурай і тэрорам.
Офлайн-праграма фестывалю праходзіць ва Украіне (Кіеў, Львоў, Адэса). Уваход на паказы за free donation, сабраныя сродкі пералічаць на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.
Онлайн-фестываль арганізаваны для беларусаў, якія застаюцца ў краіне. З 9 па 18 снежня для іх на партнёрскай пляцоўцы takflix.com будуць бясплатна даступныя фільмы пра культуру і гісторыю Украіны, пра гарады і іх жыхароў, якія перажылі акупацыю расейскіх захопнікаў. Онлайн-фестываль таксама ўключае ў сябе жывыя дыскусіі з гасцямі фэсту.
Фільмы, прызначаныя для паказу, адзначаны шэрагам узнагародаў і дыпломаў міжнародных фестываляў у ЗША, Грэцыі, Канадзе, Украіне, Францыі, Нідэрландах і іншых краінах свету.
Арганізатар фестывалю: праваабарончая грамадская арганізацыя «Звяно/Ланка».
Партнёр фестывалю: Takflix — першы і адзіны онлайн-кінатэатр украінскага кіно.