Рэжысёрка: Надзея Парфан
Украіна, 2021, 34 хв.
Мова: украінская, руская (субтытры: англійская).
«Жанчыны, якія гуляюць у гульні» – гэта фільм-гульня, які вяртае нас у дзяцінства і дапамагае прыгадаць, як усё пачыналася. Яго гераіні – дзяўчаты, якія выраслі і «далі жару». Яны не распавядуць вам пра рэцэпты поспеху, але лепш за ўсіх ведаюць правілы гульні – і як іх правільна парушаць.
Гэта стужка ўяўляе сабой калектыўны партрэт лаўрэатак прэміі «Жанчыны ў мастацтве 2021»: пісьменніцы Сафіі Андруховіч, журналісткі ў сферы культуры Веры Балдынюк, дырыжоркі Аксаны Лініў, мастачкі Аліны Клейтман, тэатральнай рэжысёркі Тамары Труновай, менеджаркі культурных мерапрыемстваў Юліі Федзіў і кінарэжысёркі Ірыны Цылік.
«Нашы гераіні адрозніваюцца тым, што аднолькава ўмеюць перамагаць і памыляцца. Гэтыя жанчыны зрабілі свой экзістэнцыяльны выбар і выбралі мастацтва як шлях – з усім, што адбываецца на гэтым шляху. Я пабачыла іх абсалютна дасканалымі і прыгожымі ў тым стане, у якім яны знаходзяцца сёння. Разам з тым мяне ўразіла моцная самакрытычнасць, уласцівая большасці гераінь. Гэтым жанчынам трэба часцей нагадваць, якія яны “крутыя”, і даваць больш падстаў ганарыцца сабой».