Беларускі вальс

Год: 2007
Краіна: Нарвегія, Польшча
Працягласць: 73 хв.
Рэжысёр: Анджэй Фідык

Анджэй Фідык — польскі рэжысёр дакументальных фільмаў, прадзюсар і прафесар кінашколы імя Кшыштафа Кясьлёўскага ў Катавіцы. Пачаў тэлевізійную кар’еру ў 1980 годзе, з таго часу зняў больш за 40 дакументальных стужак, якія ў асноўным паказваліся на польскім і брытанскім тэлебачанні. З 1991 па 1996 год працаваў на BBC у аддзеле музыкі і мастацтваў. З 1996 да 2004 года ўзначальваў аддзел дакументальных фільмаў Польскага тэлебачання.


Галоўны герой фільма — мастак Алесь Пушкін, які быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі і адбываў пакаранне ў калоніі за дэманстрацыю партрэта антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Пра крымінальную справу Алесь Пушкін даведаўся 26 сакавіка 2021 года, але не адмяніў свой вылет з Украіны, дзе ў яго была выстава, і ўвечары таго ж дня вярнуўся дадому. На наступны дзень яго арыштавалі. 11 ліпеня 2023 года адміністрацыя турмы № 1 г. Гродна, дзе ўтрымліваўся апазіцыянер, паведаміла пра яго смерць.

Фільм 2007 года пры дапамозе мовы перформансаў паказвае змаганне мастака з таталітарызмам. У гэтай мове шмат гумару і іроніі. Самым вядомым перформансам артыста стала тачка з навозам, якую Пушкін прывёз да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У фільме паказаны блізкія мастака, а таксама сучасная Беларусь, якая шукае сваё месца паміж Усходам і Захадам.