Motherland/Радзіма

Год: 2023
Краіна: Швецыя, Украіна, Нарвегія
Працягласць: 92 хв.
Рэжысёры: Ганна Бадзяка, Аляксандр Міхалковіч

Ганна Бадзяка — рэжысёрка з журналітскім бэкраундам. Атрымала філалагічную адукацыю ў БДУ. Пачынала кар’еру як відэажурналістка незалежных інтэрнэт-СМІ, пасля працавала на адзіным у Беларусі незалежным тэлеканале Belsat. Як журналістка акцэнтавала ўвагу на вострасацыяльных тэмах. Атрымаўшы вялікі вопыт стварэння паглыбленых відэарэпартажаў, захапілася дакументалістыкай. Удзельнічала ў стварэнні некалькіх дакументальных фільмаў і працавала рэжысёркай і сцэнарысткай тэлепраектаў, арыентаваных на кароткаметражныя дакументальныя фільмы. Motherland, сурэжысёркай якога яна з’яўляецца, стаў яе поўнаметражным дэбютам.

Аляксандр Міхалковіч – беларуска-украінскі рэжысёр і прадусар. Мае ступень магістра кінарэжысуры міжнароднай навучальнай праграмы DocNomads. Яго ўвага як рэжысёра накіравана на творчыя дакументальныя фільмы з выбітной аператарскай працай і выразным рэжысёрскім бачаннем. Пасля стварэння шэрагу кароткіх дакументальных фільмаў дэбютаваў з поўнаметражных фільмам “Мая бабуля з марса”. Фільм меў паспяховы пракат ва Украіне і быў паказаны на шматлікіх міжнародных кінафестывалях. Яго другі паўнаметражны фільм Motherland, зроблены ў супрацы з Ганнай Бадзяка, апроч паказаў на дзясятках буйнейшых і найбольш вядомых фестываляў па ўсяму свету, атрымаў галоўную ўзнагароду на фестывалі CPH:DOX, прыз FIPRESCI на кінафестывалі GoEast, прыз аўдыторыі Krakow FF, галоўную ўзнагароду NNW FF.

Галоўная гераіня фільма — Святлана. Яе сына знайшлі мёртвым падчас службы ў войску, і цяпер жанчына спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускім войску. Паралельна разгортваецца гісторыя групы сяброў з тэхна-андэграўнду прызыўнога ўзросту. Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарына можа скончыцца — яна працягваецца, пакуль на вуліцах не выбухнуць масавыя пратэсты супраць «перавыбрання» дыктатара-прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Фільм ставіць пытанні аб ідэі індывідуальнага выбару ў загнаным у кут грамадстве, а таксама аб дзедаўшчыне, жорсткім гвалце, які ператварае хлопчыкаў у салдат і з’яўляецца тым самым механізмам страху і гвалту, які ўлады Беларусі выкарыстоўваюць для кантролю над насельніцтвам. Рэжысёры стварылі маштабны фільм, які выходзіць далёка за межы Беларусі і аналізуе постсавецкае грамадства з непапулярнай кропкі гледжання — моладзевай.