Фільм «Тата» – гэта кранальная гісторыя пра тое, як маладая дзяўчына Вольга Самаленка два гады шукала і апазнавала цела свайго бацькі, байца батальёна «Данбас» Уладзіміра Самаленкі, які стаў адным з першых добраахвотнікаў вясной 2014 года. У пачатку пошукаў ёй было ўсяго васемнаццаць гадоў. А ў дзень свайго 20-годдзя дзяўчына вывезла цела бацькі на перапахаванне з Краснаполля, дзе ён ляжаў у магіле безыменнага воіна. Вольга спрабуе зразумець, чаму яе бацька пайшоў на вайну, калі ён так яе кахаў.

Вырасла, пакуль ты спала
Кранальная стужка распавядае пра беларуску Караліну Орсік, якая грае на альце, прымаючы ўдзел у канцэртах па ўсяму свету. Калісьці ў звычайнай музычнай школе ў невялічкім мястэчку Дзятлава яе заўважылі выкладчыкі з Беларускай музычнай акадэміі. Яе запрасілі на вучобу ў Польшчу. У Караліны было шмат канцэртаў у розных краінах, шмат падарожжаў, але яна заўсёды прыязджае ў родную вёску Аханяны на Гродзеншчыне да сваёй бабулі, якая яе выхавала. Гэта сапраўднае падарожжа ў часе: з Еўропы на Усход. З вялікага горада ў маленькую вёску на ўскрайку леса, дзе жыве ўсяго 12 чалавек. Гэта падарожжа са свету музыкі Караліны у свет яе дзіцячых мар.

Кураж
Прэм’ера дакумэнтальнага фільма Courage адбылася 5 сакавіка 2021 года на міжнародным кінафэстывалі «Бэрлінале».
Кінакарціна дэманструе кадры, зробленыя на рэпетыцыях і выступах акцёраў Belarus Free Theatre, на масавых пратэстах у канцы лета і пачатку восені 2020 года ў Мінску, на акцыі ў памяць забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага, каля ізалятара на Акрэсціна. У працы ёсць таксама архіўныя кадры з 1990-х гадоў — дэманстрацый пратэсту і акцый у памяць пра зніклых апазіцыянераў.